6 красавіка 75 год з дня нараджэння Валянціны Коўтун

Валянціна Міхайлаўна Коўтун, у дзявоцтве Новік (6 красавіка 1946, в. Дземяхі, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць — 30 красавіка 2011, Пінск; Псеўданімы: Леся Беларуска; Ясельда) — беларуская паэтэса, празаік, літаратуразнавец.

Нарадзілася ў сям’і настаўніка. Скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. Паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 4 курса перавялася ў БДУ, які скончыла ў 1969. Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969—1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970—1976). У 1977—1980 вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Валянціна Міхайлаўна Коўтун – кандыдат філалагічных навук. Член СП БССР (з 1975), СП СССР (з 1976). З 1976 — літсупрацоўнік, з 1979 — рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 — загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 — старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя», з 2006 — рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай (з 1993). Член СП Украіны (з 1997).

Дэбютавала ў друку ў 1966 г. Валянціна Коўтун – аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі («Каляровыя вёслы», 1971; «На ўзлёце дня», вершы і паэмы, 1977; «Лісты да цябе», вершы і паэмы, 1988 і інш.), рамана «Крыж міласэрнасці» (1988), рамана-жыція «Пакліканыя» (2002), прысвечанага Еўфрасінні Полацкай. Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), зборніка апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988).

Паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), раман-дылогія «Крыж міласэрнасці» (1988—1996) прысвечаны беларускай паэтэсы Цётцы (А. Пашкевіч). Аўтар артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі. Перакладала з рускай, украінскай і іншых моў.

Валянціна  Коўтун – лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова 1986 г. за кнігу паэзіі «Метраном».

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика