Гадзіна беларускай літаратуры

 «ГОЛАС СУМЛЕННЯ І ГОДНАСЦІ»

Іван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік НАН Беларусі.  Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў у Беларусі  і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся шматтысячнымі і мільённымі тыражамі.

А пачыналася  ўсё ў далёкім 1921 годзе. 30 студзеня ў сялянскай сям’і  нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Іван. З цягам часу бацька стаў працаваць лесніком. У сувязі з гэтым месца жыхарства часта мянялася. Сям’я пераязджала з месца на месца бацькавай службы. З дзяцінства яго сэрца запаланілі родныя краявіды: вялікая рака Сож, дубы  на яе беразе, лясныя дарогі і сцежкі. Пісьменнік у аўтабіяграфіі ўспамінае: «…да лесу ў мяне была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі я нават размаўляў; у лесе я ніколі, ні ўдзень, ні ўначы, нічога не баяўся». З-за пераезду сям’і, Іванка пазней за другіх дзяцей –  у 9-гадовым узросце –  пайшоў у школу і пасля яе заканчэння  паступае вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў.

У студэнцкія гады пачынае пісаць спачатку паэтычныя, а затым і празаічныя творы, становіцца членам літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце “Гомельская праўда”. Сябры па літаратурнаму аб’яднанню ўхвалілі яго прозу, але не прынялі паэзію. Гэта паўплывала на выбар маладога аўтара: ён піша толькі прозу і ў 1940 годзе дасылае свае першыя апавяданні ў рэдакцыю “Полымя рэвалюцыі”, рэдактарам якога быў Міхась Лынькоў. Іван Шамякін быў уражаны тым, што Лынькоў пісаў яму пісьмы-рэцэнзіі  і дэталёва разбіраў апавяданні маладога пісьменніка, вучыў, “як трэба і як не трэба” пісаць.

Пасля заканчэння тэхнікума Iван Шамякін быў накіраваны ў Беласток (цяпер гэта тэрыторыя Польшы), дзе стаў працаваць на прамкамбінаце, але хутка быў прызваны ў армію, служыў ў Мурманску. Тут яго і застала Вялікая Айчынная вайна і малады баец Іван Шамякін прымае удзел у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. Увесь ваенны час прадаўжаў пісаць.

Пасля дэмабілізацыі пісьменнік вяртаецца на роднае Палессе на Гомельшчыну,  працуе ў сельскай школе настаўнікам і паступае на завочнае аддзяленне  Гомельскага педінстытута. Спалучае працу ў школе з абавязкамі сакратара мясцовай партарганізацыі.

Увесь вольны час Іван Шамякін аддаваў літаратуры. Ён жыў адным вялікім жаданнем —пісаць. Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна і апантана. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех — у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста», якая  лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Шамякіна.

Галоўная гераіня рамана Тацяна Маеўская ў першыя дні вайны выратоўвае яўрэйскага хлопчыка. Бацьку і мачасе яна гаворыць, што гэта яе сын. Мачаха выдае Тацяну і расказвае аб гэтым нямецкаму агенту Мацею Куляшу. Пасля гэтага да Тацяны завітваюць паліцэйскія, ды Тацяна праяўляе смеласць і рашучасць. Яна забівае фашысцкіх паслугачоў, а сама з дзіцем і бацькам падаецца ў партызаны, каб помсціць ворагам.

Маладога аўтара заўважылі і запрасілі на першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удзел у рабоце пленума стаў вельмі значнай падзеяй у жыцці  Шамякіна: ён пазнаёміўся з многімі пісьменнікамі, акунуўся ў праблемы беларускай літаратуры. У гэты час пісьменнік працуе над раманам “Глыбокая плынь”, які стаў адным з першых твораў у беларускай літаратуры, прысвечаных партызанскай барацьбе. У 1949 годзе раман “Глыбокая плынь” быў надрукаваны.

У 1948 годзе Iван Шамякін паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння партшколы быў рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”, а ў 1954 годзе быў выбраны намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Іван Шамякін любіў бываць у пісьменніцкім асяроддзі. Яму самому вельмі шмат дало блізкае знаёмства з Якубам Коласам, Міхасём Лыньковым, Пятрусём Броўкам, Максімам Танкам, а таксама з іншымі выдатнымі майстрамі слова. З многімі пісьменнікамі ён сябраваў доўга і верна.

Шмат гадоў займаючы розныя пасады у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, Іван Шамякін знаходзіўся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця рэспублікі. Пісьменнік займаў шэраг адказных дзяржаўных пасад. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, працяглы час быў Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

За шматплённую працу, за вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры Івану Шамякіну нададзена высокае званне Народнага пісьменніка Беларусі. Двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія БССР. Літаратурныя заслугі пісьменніка адзначаны Зоркай Героя сацыялістычнай працы. Трэба адзначыць, што за сваё жыццё Іван Пятровіч атрымаў шмат узнагарод.  Але не пасады і званні былі для яго галоўным. На першым месцы заўсёды была творчая праца.

Што больш за ўсё ўражвае ў біяграфіі I. Шамякіна? Безумоўна, яго незвычайная працаздольнасць. Вымушаны, як і ўсе сялянскія дзеці, працаваць з маленства, ён і ў творчай працы быў нястомным. Раманы, аповесці, апавяданні, артыкулы, рэцэнзіі, выступленні на літаратурных форумах і сустрэчах з чытачамі — усё гэта патрабавала напружанай, нястомнай працы.

З дзяцінства Іван Пятровіч Шамякін пазнаў, чым з’яўляецца для чалавека добрая кніга, таму вельмі хацеў, каб і яго творы сталі для чытачоў вернымі сябрамі, шчырымі дарадцамі і настаўнікамі, вучылі чалавечнасці. Менавіта гэтыя словы вызначаюць асноўны матыў творчасці пісьменніка, і яго кнігі сапраўды сталі любімымі для многіх чытачоў.

Станаўленне творчай індывідуальнасці Івана Шамякіна адбывалася пад уплывам розных фактараў. Прыклад бацькі і маці, руплівых працаўнікоў, ранняя самастойнасць і праца, сфарміравалі адказныя адносіны да ўсяго, за што б ні браўся будучы пісьменнік.

Беларуская прырода фарміравала адчуванне прыгожага; кнігі, сталі добрымі сябрамі на ўсё жыццё. Як і настаўніца роднай мовы Яўгенія Кузьмінічна Анціпава, якая, па словах Шамякіна, “…неяк асабліва змагла прывіць любоў да роднага слова такую моцную, што пранёс я яе і праз тэхнікум, дзе беларускую мову не вывучалі, і праз вайну, дзе заўсёды гаварыў па-руску. Хацелася на гэтай прыгожай мове расказаць людзям пра тое, што перажываў, аб чым думаў.”

Вайна, удзел у аднаўленні разбуранай гаспадаркі, праца настаўнікам, вучоба, грамадзянская дзейнасць давалі пісьменніку магчымасць вывучаць жыццё, сустракаць людзей, якія станавіліся прататыпамі яго будучых герояў.

У творчасці пісьменніка адлюстраваны шырокі тэматычны дыяпазон:

жыццё беларускай вёскі у часы акупацыі,

дзейнасць партызан,

складанасць барацьбы у тыле ворага,

жанчына і вайна,

лёс пакалення, на долю якога выпалі выпрабаванні вайной,

праблемы урбанізацыі,

 пошукі душэўнай гармоніі  і пакаяння,

падзеі Першай сусветнай вайны і грамадзянскай вайны,

 праблемы Чарнобыля,

пытанні захавання агульначалавечых і маральных каштоўнасцей.

Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. Па іх зняты фільмы і створаны спектаклі.

У 80-я гады пісьменнік звярнуўся да ўспамінаў аб перажытым, якія склалі кнігу “Карэнні і галіны”. Ён расказвае і пра сваё жыццё, і пра сустрэчы з Якубам Коласам, Петрусём Глебкам, Міхасём Лыньковым, Петрусём Броўкам, Іванам Мележам, Андрэем Макаёнкам. Безумоўна, гэтыя сустрэчы, сяброўскія адносіны, як і праца ў Саюзе пісьменнікаў, дазвалялі пісьменніку быць у самым цэнтры літаратурнага жыцця, фарміравала яго творчую індывідуальнасць.

Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды ў ім значнае месца займала літаратурная творчасць. Яго творчая і грамадская дзейнасць — прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика