14 лютага 65 год Уладзіміру Ягоўдзіку

Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік (Ягаўдзік) (14 лютага 1956, вёска Кастровічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі празаік, драматург. Лаўрэат Літаратурнай прэміі Янкі Маўра (1994).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978—1982 гг. працаваў карэспандэнтам Брэсцкай абласной газеты «Заря», рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 1982—1990 гг. — супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». У 1990—2010 рэдактар, галоўны рэдактар часопіса «Дзеці і мы». Адначасова ў 1997—2003 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выдаў кнігі прозы «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988). Аўтар мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990).

Напісаў для дзяцей п’есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні: «Залатое зярнятка» (1983), «Сонейка, свяці!» (1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, 1987), «Сакрэты Вогніка» (1987), «Усміхніся, прынцэса…» (1990).

Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі. Перакладае з рускай і ўкраінскай моў творы мастацкай літаратуры.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика