Прапануем вашай увазе водгук на кнігі Людмілы Лазуты “Імгненні” і “Вузкімі сцежкамі” супрацоўніка сектара краязнаўства Пінскай гарадской цэнтальнай бібліятэкі Баговіч Таццяны Канстанцінаўны.
Рознымі шляхамі трапляюць да нас кнігі, асабліва да бібліятэкараў. Ужо і не памятаю, якім чынам натрапіла ў Інтэрнэце на кнігу Людмілы Лазуты “Імгненні”. Зацікавілася, знайшла яшчэ адну яе кнігу “Вузкімі сцежкамі”. Звярнулася да загадчыцы аддзела камплектавання і апрацоўкі фонда, і вось – у лістападзе кнігі былі ў фондзе сектара краязнаўства.
Кнігі зусім нядаўна былі прачытаны, і засталося шмат уражанняў, якімі захацелася падзяліцца. Па-першае – некалькі слоў пра аўтара. Людміла Лазута нарадзілася ў Гродзенскай вобласці, жыве ў Мінску, і што самае цікавае – па прафесіі яна ўрач-педыятр, зараз займаецца педагагічнай дзейнасцю – выкладае ў Мінскім медуніверсітэце. Доктар і пісьменнік – цікавае спалучэнне. І кнігі яе таксама цікавыя.
Пасля прачытання кніг “Імгненні” і “Вузкімі сцежкамі” засталіся цёплыя і добрыя эмоцыі, з’явіліся думкі-разважанні, успаміны са свайго дзяцінства. Пра што піша Людміла Лазута ў сваіх кнігах? Пра наша жыццё, пра імгненні жыцця – успаміны пра малую радзіму, жаночыя лёсы; тэму сямейных адносін, прыгажосць прыроды, пра духоўную сувязь паміж бацькамі і дзецьмі, пра простыя чалавечыя адносіны і лёсы. Хочацца адзначыць пра прыгожую і цудоўную беларускую мову, на якой напісаны кнігі (некалькі апавяданняў ёсць і на рускай мове).
Усім, хто любіць родную мову, з задавальненнем чытае творы па-беларуску, раю прачытаць апавяданне “Прадмова пра мову” з кнігі “Вузкімі сцежкамі”, якое вельмі кранае душу. Спадзяюся, што кожны, хто прачытае гэтыя дзве кнігі, не пашкадуе і атрымае асалоду ад роднай мовы. Аўтару хочацца пажадаць творчых поспехаў і новых кніг!
Чытайце беларускае!