Прапануем пазнаёміцца з віртуальнай выставай “Беларуская фантастычная проза”. На выставе прадстаўлены мастацкія творы, напісанныя беларускімі аўтарамі ў жанры фантастыкі. Так, напрыклад, на нашай віртуальнай паліцы вы пабачыце кнігі З. Бядулі “Сярэбраная табакерка”, У. С. Караткевіча “Ладдзя Роспачы”, Л. І. Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” і інш.
Прапануем зайсці ў бібліятэкі Пінскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістемы, каб пагартаць, узяць кнігі дадому і атрымаць асалоду ад чытання.
- Дзікія кошкі Барсума – амазонкі, ніндзя, суперагенты для выканання звышсакрэтных і звышскладаных касмічных аперацый. На Барсуме ёсць і мужчыны, але становішча іх там незайздроснае… Фермерская планета Аграполіс – поўная супрацьлегласць Барсуму. Жанчыны тут наогул нізведзеныя да стану хатняй жывёлы… І існуе яшчэ ФІРМА – звышмагутная галактычная арганізацыя, гандлюючая жанчынамі…
- Апошні твор Змiтрака Бядулi – класiка беларускай лiтаратуры – аповесць-казка “Сярэбраная табакерка” (1940). У аснову сюжэта гэтай цудоўнай аповесці ляглі матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў смерць, запазычаныя з фальклорных запісаў А. Сержпутоўскага. Але з народнай казкі пісьменнік зрабіў філасофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцця і смерці.
- Кнігу беларускага пісьменніка Васіля Гігевіча склалі чатыры аповесці: “Карабель”, “Марсіянскае падарожжа”, “Палтэргейст”, “Страчанае шчасце”. Кніга будзе цікавая тым, хто любіць фантастыку, цікавіцца касмічнымі падарожжамі, шануе свой родны край, яго культуру і звычаі.
- Прыгодніцка-фантастычны раман Леаніда Дайнекі пераносіць чытача на трыста гадоў уперад, калі на планеце Зямля ўсталявалася Вялікая Эра Плюралізму (ВЭП) — без войнаў, эпідэмій. Але мінскага школьніка Клёна Дубровіча, яго бацьку і сяброў чакаюць жахлівыя сутычкі з прадстаўнікамі Старой Цывілізацыі…
- Кніга складаецца з двух невялікіх раманаў, двух аповесцяў і трох апавяданняў. Усе яны аб’яднаныя прысутнасцю містычнага. Раман “Юргон” апавядае пра сённяшні дзень, герой твора вядзе бязладнае палавое жыццё і ўрэшце яго ссурочылі. Падзеі другога рамана “Мінск і воран, Парыж і здань” адбываюцца ў двух часовых вымярэннях: недзе за часамі Вялікага княства літоўскага і ў нашыя дні. Тут ужо галоўныя жарсці адбываюцца ў справе помсты.
- Кніга “Ладдзя Роспачы” адметная тым, што яна інтэрактыўная: кожны з вас, разгортваючы яе, робіцца даследчыкам творчасці Караткевіча. Тэкст не “адматаны” да першапачатковага варыянта – усе праўленыя і выразаныя моманты проста графічна паказаныя ў тэксце. Каб кожны з вас мог вырашыць, што выпраўлена справядліва, а што – не.
- XVIII стагоддзе… Час авантурыстаў і алхімікаў, чароўных дам і адважных рыцараў, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў… У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай адлюстраваны яскравы партрэт эпохі.
- У Беларусь на касмічным караблі прыляцелі два робаты-разведчыкі. Яны завуцца Эрпідамі. Эрпід – Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння. Адзін з іх атрымаў заданне даведацца, што ўяўляюць з сябе людзі на Зямлі, якія ў іх звычкі і норавы, а другі – вывучыць жывёльны і раслінны свет таго краю, куды іх адправілі. Пра знаёмтсва робатаў зямлянамі і расказвае аўтар у сваёй фантастычнай і вясёлай аповесці.
- У зборнік увайшлі творы беларускіх пісьменнікаў, напісаныя на беларускай і рускай мовах. Гэта новая спроба прадставіць чытачу беларускую фантастыку. Сярод аўтараў зборніка серыі – А. Бадак, А. Федарэнка, Л. Рублеўская, А. Сілецкі і інш. Іх творы, рознай жанравай накіраванасці, адлюстроўваюць праблемы і перспектывы духоўнага і навекова-тэхнічнага развіцця чалавецтва.
- У кнігу ўвайшлі дзве аповесці — “Залатая дзіда” пра незвычайныя, фантастычныя прыгоды герояў у Лацінскай Амерыцы і “Выпрабаванне”, у якой аўтар расказвае аб старажытнай Беларусі, аб тым, што давялося перажыць героям, каб выратаваць сваіх блізкіх і сустрэцца з бацькамі. Вострасюжэтныя дэтэктыўныя апавяданні “Пажар”, “Лімонка” і іншыя раскрываюць асаблівасці светапогляду сучасных падлеткаў.
- У зборнік Уладзіміра Шыціка ўваходзяць фантастычныя апавяданні “Капітан”, “Трансплутонавыя афеліі”, “Зорны камень” і іншыя, а таксама аповесць “Сляды вядуць на зямлю”. Кніга будзе цікавай аматарам касмічных прыгод і фантастыкі.
Спіс літаратуры:
- Аўласенка, Г. П. Дзікія кошкі Барсума / Г. Аўласенка. — Мінск : Харвест, 2009. — 384 с. — (Беларуская сучасная фантастыка).
- Бядуля, З. Салавей ; Сярэбраная табакерка : [аповесць] / Змітрок Бядуля. — Мінск : Попурри, 2015. — 398, [1] с.
- Гігевіч, В. С. Крах цывілізацыі : аповесці / Васіль Гігевіч. — Мінск : Лiтаратура i Мастацтва, 2012. — 288 с.
- Дайнека, Л. М. Чалавек з брыльянтавым сэрцам : фантастычны раман / Леанід Дайнека. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014. — 262, [1] с. — (Кніжная паліца школьніка).
- Казлоў, А. Юргон : раманы, аповесці, апавяданні / А. С. Казлоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. — 255 с. — (Беларуская проза XXI стагоддзя).
- Караткевіч, У. С. Ладдзя Роспачы : аповесці / У. С. Караткевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 367 с.
- Місько, П. А. Эрпіды на планеце Зямля : аповесць / Павел Місько. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2007. — 174, [1] с., [1] л. іл. — (Бібліятэка школьніка).
- Рублеўская, Л. І. Авантуры студыёзуса Вырвіча : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. — Мінск : Звязда, 2014. — 319, [1] с.
- У зеніце – Антарэс : беларуская фантастыка / [укладальнікі: Г.Р.Ануфрыеў, У.М.Цвяткоў]. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2008. — 135 с. — (Млечны шлях).
- Шыцік, У. М. Сляды вядуць на Зямлю : [аповесць, апавяданні] / Уладзімір Шыцік ; [укладанне Д. Пятровіча]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. — 254 с.
- Якімовіч, А. М. Залатая дзіда : аповесці, апавяданні / А.Якімовіч. — Мінск : Юнацтва, 2001. — 268 с. — (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).
[свернуть]