Тыдзень краязнаўства “Калі хочаш ведаць край – у сектар краязнаўства завітай!”

У сектары краязнаўства гарадской цэнтральнай бібліятэкі з 5 па 12 кастрычніка праходзіў Тыдзень краязнаўства “Калі хочаш ведаць край – у сектар краязнаўства завітай!”, прымеркаваны да Году малой радзімы і Дню горада. На працягу тыдня былі праведзены мерапрыемствы для дарослых і дзяцей – Дзень інфармацыі “Па старонках краязнаўчага каляндара”, урокі краязнаўства “Горад дзевяці стагоддзяў” і “Мой родны кут”, прэзентацыя-знаёмства “Сектар краязнаўства запрашае”. На працягу Дня інфармацыі наведвальнікі сектара краязнаўства знаёміліся з цікавымі датамі краязнаўчага каляндара, праглядалі кніжныя выданні. Малодшыя школьнікі на ўроках краязнаўства глядзелі фільм пра Пінск, з цікавасцю гарталі маляўнічыя фотаальбомы пра наш горад, даведаліся пра герб і гімн горада, пра знакамітых землякоў і архітэктурныя помнікі. Для старэйшых школьнікаў бібліятэкар прадэманстравала электронную прэзентацыю пра дзейнасць сектара краязнаўства.

У межах Тыдня адбылося пасяджэнне клуба “Благавест” – “Святыя зямлі пінскай”, прысвечанае 415-годзю з дня нараджэння Макарыя, ігумена пінскага і 440-годдзю прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага. У мерапрыемстве прынялі ўдзел пратаіерэй Сергій, клірык Свята-Варварынскай царквы і Вячаслав Леанідавіч Ільянкоў, краязнаўца, карэспандэнт газеты “Пінскі веснік”.

Цікава, што пад час правядзення Тыдня у сектар краязнаўства за інфармацыяй для напісання даследчых работ актыўна звярталіся настаўнікі школ і гімназій не толькі горада, але і раёна. Некаторым з іх аказаў дапамогу ў пошуку ведаў краязнаўца Вячаслаў Ільекоў. Папоўніўся і кніжны фонд сектара – краязнаўца з Лунінца Таццяна Васільеўна Канапацкая падаравала сваю новую кнігу “Лунінецкая памяць. Дадатак 7: “Вэлесніца” – адна з 13-ці адроджаных “лунінецкіх Хатыней”.

На працягу Тыдня краязнаўства для чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава-прагляд “Пінск – і гордасць, і сэрца Палесся”.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика