Адвечная прыгажосць

Усіх прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры бібліятэка-філіял №7 запрашае наведаць куток народных традыцый – выставу-інсталяцыю “Адвечная прыгажосць”.

У цэнтры экспазіцыі дэманструюцца народныя жаночыя і мужчынскія касцюмы, у якіх нашы продкі маглі б адзначаць святы: Гуканне вясны, Юр’еў дзень, Купалле, Тройца, Ілля, Дажынкі…

Таксама на выставе прадстаўлены сапраўдны цуд – ручнікі, абрусы, сурвэткі – сапраўдныя сямейныя рэліквіі чытачоў бібліятэкі Літвінчук Таццяны Ўладзіміраўны і Выбяранец Кацярыны Мікалаеўны.

Асаблівую цікавасць выклікае раздзел выставы “Грай, музыка, грай!” Беларуская зямля славіцца сваёй багацейшай музычнай культурай, а перш за ўсё народнай песеннай творчасцю. Яе сапраўдныя традыцыйныя ўзоры дажылі да нашых дзён разам з абрадамі, з якімі яны складаюць адзінае цэлае. Асноўную частку раздзела складаюць музычныя інструменты, якія робіць сваімі рукамі пінчук Сяргей Хацкевіч: чаротка, варганы, флейты, сурма, пімак, кахоны, калімбы і шмат чаго іншага. Наведвальнікі таксама будуць мець магчымасць пазнаёміцца са зборнікамі лепшых узораў народных песень Піншчыны і Беларускага Палесся.

Хто сам хоць аднойчы дакрануўся да народных традыцый, ужо не зможа застацца ранейшым: у жыцці чалавека адбываюцца якасныя змены да лепшага…

Прыходзьце, калі ласка, будзе цікава!

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика