15 ліпеня 120 год з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка (15 ліпеня 1901, в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць – 20 сакавіка 1976, Масква) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык. Старэйшы брат Язэпа Дубоўкі.

Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы: Ганна Аршыца; У.Гайдукевіч; У.Гайдуковіч; Ул. Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б-сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В.Туянец; У.Д-ка; У.Д-на.

Уладзімір Дубоўка нарадзіўся ў сялянскай сям’і Мікалая Фёдаравіча Дубоўкі і Анастасіі Іванаўны.

У 1915 г. сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Маскву. У 1918г. Уладзімір Дубоўка  скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю; у 1924 — Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава.

Першы верш апублікаваў у 1921 г. У 1922-1925 гг.– рэдактар беларускага выдання «Веснік ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. У 1924-1927 гг. выкладае беларускую мову ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду. У 1926-1930 гг. рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР». Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, быў членам літаб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Першы рэдактар часопісу «Беларускі піянер».

Уладзімір Дубоўка   быў арыштаваны АДПУ СССР 20 ліпеня 1930 у Крамлі па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; 10 красавіка 1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У ліпені 1935 г. тэрмін высылкі быўпадоўжаны на 2 гады. У лістападзе 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. У зняволенні літаратурнай працай не займаўся. Зноў арыштаваны 16 лютага 1949 у Грузіі. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 асуджаны на 25 гадоў зняволення. Канчаткова рэабілітаваны 15.11.1957. Пасля рэабілітацыі жыў у Маскве.

Памёр Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка  20 сакавіка 1976г. у Маскве.

Першы верш надрукаваў у 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь». З цягам часу выйшлі зборнікі вершаў «Строма» (Вільня, 1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (Масква, 1927), «Палеская рапсодыя» (1961), «Вершы» (1970), паэмы.

Аўтар аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967), «Ганна Алелька» (1969), «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974), зборнікаў вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка» (1960), «Кветкі — сонцавы дзеткі» (1963), «Казкі» (1968), «Залатыя зярняты» (1975), кнігі апавяданняў-успамінаў «Пялёсткі» (1973).

Выданы «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1959, 1965).

Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях  беларускай мовы, літаратуры, культуры. Вядомы і як перакладчык твораў .

Мемарыяльная дошка ў Паставах

Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1958.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1962) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика