3 ліпеня 70 год з дня нараджэння Арахоўскага Міколы

Арахоўскі Мікола (Мікалай Аляксандравіч) ( 3 ліпеня 1950 года, в. Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці – 10 красавіка 1997 года) – беларускі драматург, мастак, скульптар.

Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1966-1968), у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1974-1976). Працаваў мастаком-афарміцелем у Бярозаўскім раённым Доме культуры (1972) і ў Брэсцкіх вытворча-мастацкіх майстэрнях (1977). У 1977 годзе ў час адпачынку на рацэ няўдала нырнуў і апынуўся ў бальніцы. Малады чалавек стаў інвалідам. Усе апошнія гады жыцця ён быў прыкаваны да ложка, але мужна пераносіў сваю хваробу, маляваў і пісаў.

Пачаткам драматургічнай творчасці сталі п’есы для лялечнага тэатра: “Жыў-быў Шчупак”, “Міль і яго сябры” і інш. У 1986 годзе напісаў драму «Напярэдадні»,  якая была пастаўлена ў 1991 годзе Бярозаўскім народным тэатрам. Таксама выконвалася на Беларускім радыё (1990–1992).

Напісаў больш 10 п’ес, асобныя з якіх адзначаны прэміямі на рэспубліканскіх конкурсах па драматургіі.
Найбольш вядомы і папулярны твор драматурга п’еса “Машэка” (пастаўлена на сцэне Брэсцкага абласнога тэатра драмы ў 1989г.). У 1991 годзе яна прагучала на Беларускім радыё, на экране Беларускага тэлебачання выйшла пад назвай “Прывіды”.     У 1991 годзе Мінскі тэатр нацыянальнай драматургіі паставіў п’есу “Ку-ку”, якая была адзначана 1-й прэміяй на рэспубліканскім конкурсе па драматургіі.

У 1991 годдзе М. Арахоўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Мікола Арахоўскі памёр 10 красавіка 1997 года.

У літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты” Сялецкай сельскай бібліятэкі зберагаюцца рукапісы многіх твораў пісьменніка, а таксама яго карціны.

Мікола Арахоўскі лаўрэат Рэспубліканскай прэміі Саюза тэатральных дзеячаў імя Кандрата Крапівы  1997 года за п’есу “Лабірынт”.

У 2011 годдзе імем пісьменніка названа вуліца ў г. Бярозе.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика