24 чэрвеня 120 год з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

Кузьма Чорны, сапр.: Мікалай Карлавіч Раманоўскі (24 чэрвеня 1900, маёнтак Лапацічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер в. Борка-Бялевічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 22 лістапада 1944, Мінск) — драматург, публіцыст. Псеўданімы: Максім Алешнік; М. Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М. Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарпакевіч; А. Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М. Р-скі; К. Ч.)

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча. У 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але скончыць яе не здолеў, бо ў 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады. Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920 годзе. У 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. З 1923 года член літаб’яднання «Маладняк». Яшчэ будучы студэнтам, у 1924 пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». Член Саюзу Пісьменнікаў БССР з 1934 года. Арыштаваны 14.10.1938. 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме. Дзякуючы заступніцтву першага сакратара ЦК КП(б)Б  П. К. Панамарэнкі  пісьменнік вызвалены 8 чэрвеня 1939 года.

Аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я.Коласа «Новая зямля» згарэла ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п’еса «Ірынка» (1940). У 1941—1944 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945). У верасні 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».

 Памёр ад інсульту 22 лістапада 1944 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптонімам М. Р.). Пачаткам літаратурнай творчасці лічыў публікацыю апавядання «На граніцы» (1923) пад псеўданімам К. Чорны. У 1925 выйшлі першыя кнігі — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У далейшым яго апавяданні склалі кнігі: «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), «Вялікае сэрца» (1945) і інш. Падчас вайны працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944).

У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэтычныя замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство беларускай прыроды, услаўляецца духоўнае абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях 1930-х гадоў Кузьма Чорны спрабаваў авалодаць вьпворчай тэмай, паказаць працэс нараджэння новага чалавека — калектывіста, ударніка сацыялістычнай працы. У апавяданнях 1940-х гадоў узнаўляў драматычныя эпізоды перыяду Вялікай Айчыннай вайны, малюнкі спусташэння беларускай зямлі і волю беларусаў да супраціўлення.

Супярэчлівы працэс ачалавечвання свету, які адбываўся ў паслярэвалюцыйны час, адлюстраваны ў раманах «Сястра» (1927—28), «Зямля» (1928), аповесці «Лявон Бушмар» (1929), незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930).

У пачатку 1930-х гадоў Кузьма Чорны прыйшоў да задумы напісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа. Цыкл твораў уключаў раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні вайны.

Задуманы пісьменнікам празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’ёўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (1941—44, апубл. 1975), «Смага» (урывак апубл. 1990) і інш. Кузьму Чорнага хвалюе лёс беларусаў у час вялікіх выпрабаванняў, адносіны яго герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш.

Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайменнага рамана, апубл. 1932—39; паст. БДТ-1 у 1932, «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (паст. БДТ-1 і БДТ-2 у 1941). Выдаў апавяданні для дзяцей «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941), «Насцечка» (1940). Гумарыстычныя творы пісьменніка сабраны ў зборніку «Вяселле ў Скіп’ёўскім Пераброддзі» (1971).

Пераклаў на беларускую мову аповесці А. Пушкіна , п’есы М. Гогаля, А. Астроўскага, М. Горкага і інш.

Асобныя творы К. Чорнага інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А. Гутковіча і Ф. Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Беларускае тэлебачанне; паводде аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).

Ушанаванне памяці:

Іменем Кузьмы Чорнага названы:

  • школа ў Цімкавічах, дзе існуе прысвечаны яму літаратурны музей, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры;
  • вуліцы ў Бабруйску, Мінску, Нясвіжы, Слуцку.

У 2000 на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.

[свернуть]
Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика