21 сакавіка 180 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

Францішак Бенедыкт Казіміравіч Багушэвіч (21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня — 28 красавіка 1900, вёска Кушляны, Віленская губернія) – беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Свіраны, каля Вільні (сучасная Літва) у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў. У перыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны XVIII ст.

Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861 годзе. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры края. Паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён) у школцы.

Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў». Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам.

Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Украіну. У1865 годзе ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. А 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласць) судовым следчым. Праз два гады зноў быў у Чарнігаве, але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: у 1871 г. ён быў прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Праз год ён вяртаецца на Украіну.

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці — Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй, з якой узяў шлюб у 1874 г., меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма.

Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах, дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.

Вытокі творчасці Ф. Багушэвіча цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.

Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?» («Nowy rok 1886», «Widmo nadziei», «Kto to?»), напісаныя ў 1885—1886 г. Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 г. на старонках польскага часопіса «Край» («Kraj»), што выдаваўся ў Пецярбургу. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызіс, гаспадарчае жыццё і судовую практыку. За сем гадоў (1885—1891) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак пад рознымі псеўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэння прозвішча), Ten, Tamten, Demos і інш.

Увосень 1891 г. у Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль нявысветлены. Не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка». «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка.

Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: гэта паэмы («Кепска будзе!»), вершаваныя апавяданні («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычныя маналогі («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), байкі і сатыра, апрацоўкі народных казак.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Ф. Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.

З лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 года, калі з’яўляецца першае выданне «Дудкі беларускай», штогод з’яўляюцца кнігі на беларускай мове.

Францішак Багушэвіч, акрамя стварэння літаратурных твораў, займаўся і лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў.

Пры жыцці творы Францішка Багушэвіча ў царскай Расіі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—07, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.

У Савецкай Беларусі ўпершыню была выдадзена ў 1922 «Дудка беларуская». Аднак у канцы 1920-х—30-я г. ў БССР творчасць Ф. Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, выданні твораў Ф. Багушэвіча павінны былі спальвацца.

У Заходняй Беларусі, тым часам,  выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасць паэта: «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданні ў 1930 г.).

Ушанаванне памяці
  • На могілках каля касцёла ў вёсцы Жупраны сям’ёй і сябрамі паэта быў усталяваны драўляны крыж, які прастаяў да 1940 г.
  • У 1901 г. у інтэр’еры Жупранскага касцёла ўстаноўлена белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Я. Арасімовічам. Камень Багушэвіча знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі класіка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).
  • У савецкі час імя Багушэвіча было прысвоена калгасу (зараз — СВК у Ашмянскім раёне) (1951), Жупранскай сярэдняй школе (1962), Ашмянскаму краязнаўчаму музею (1953).
  • У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Заір Азгур. 22 сакавіка 1970 годзе ў Жупранах адкрыўся Музей Францішка Багушэвіча. У мясцовым касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрыта мемарыяльная дошка памяці Ф.Багушэвіча.
  • Ягоным імем названая адна з плошчаў Мінску (з 2000 г.).
  • 16 чэрвеня 2006 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У мастацкім афармленні ўваходнага партала бібліятэкі выкарыстана цытата Багушэвіча з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».
  • 6 верасня 2009 года ў Смаргоні быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу.
  • У Нежыне (Украіна), на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мемарыяльная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе.
  • У Літве памятныя шыльды былі ўсталяваныя ў вёсках Свіраны і Савічуны Віленскага раёна, у Савічунах таксама бібліятэка носіць імя Францішака Багушэвіча (з 2001).
  • У верасні 2010-га года ў Вільні, на будынку, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё яшчэ адной мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам.
[свернуть]

 

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика