19 сакавіка 85 гадоў з дня нараджэння Івана Кірэйчыка

Іван Аляксандравіч Кірэйчык (19 сакавіка 1935, в. Гута, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 16 лютага 1996).

Бацька Івана па-геройску загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Маці выхоўвала адна траіх дзяцей у галодныя пасляваенныя гады. Іван скончыў Гуцянскую сярэднюю школу і ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас «Праўда». Неўзабаве яго прызвалі ў армію. Праслужыў ён у якасці матроса на Балтыйскім флоце чатыры гады. Першыя яго вершы былі надрукаваны ў флоцкай газеце «Страж Балтии», потым у калектыўным зборніку «Песня, рождённая морем».

Пасля дэмабілізацыі Іван зноў працаваў у калгасе, а з 1958 года быў залічаны на пасаду літсупрацоўніка ў Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Адначасова з работай у раёнцы I. Кірэйчык завочна вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, які скончыў у 1965 годзе.

Вучоба, праца ў раённай газеце садзейнічалі хуткаму творчаму росту будучага пісьменніка. Пачынаючы з 1963 года, Іван Кірэйчык працуе ўласным карэспандэнтам Беларускага радыё і газеты «Чырвоная змена» па Брэсцкай вобласці, а пасля пераезду ў Гомель — у абласной газеце «Гомельская праўда» і на студыі тэлебачання. Тут па-сапраўднаму раскрыўся яго літаратурны талент.

Адзін за другім, у 1966, 1968, 1970-м гадах, выходзяць зборнікі нарысаў і апавяданняў Івана Кірэйчыка «Багацце душы — людзям», «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу», пазней, у 1984 годзе, — «Калінавая квецень».

Іван Кірэйчык зарэкамендаваў сябе ў літаратурных колах не толькі як выдатны нарысіст і празаік, але і адораны паэт. У 1977 годзе ён выдаў зборнік паэзіі «Аснова», а ў 1994-м яшчэ адзін паэтычны зборнік «З маіх крыніц». Акрамя таго, яго вершаваныя і празаічныя творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вернутае шчасце», «Люблю будзённы дзень» і іншых.

Памёр I.А.Кірэйчык 16 лютага 1996 года. Пахаваны ў Гомелі. Яго імем названа вуліца ў яго роднай вёсцы Гута, а на месцы, дзе колісь стаяла бацькоўская хата, у яго гонар устаноўлены памятны знак.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика