Гадзіна роднай мовы

        21 лютага ў сектары краязнаўства цэнтральнай бібліятэкі  прайшла гадзіна роднай мовы “Жыве ў вяках беларуская мова”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.  На мерапрыемства былі запрошаны  малодшыя школьнікі гімназіі №2. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй свята, паслухалі вершы,  казкі  і песні на беларускай мове. Самыя актыўныя чыталі вершы і праверылі свае веды  ў невялікай гульні  “Перакладзі слова”.  Госцем мерапрыемства стала Святлана Шаламіцкая – удзельніца віктарыны “Гаворым па-беларуску” на тэлеканале “Беларусь 3”. Хлопчыкі і дзяўчаты з задавальннем слухалі Святлану Іванаўну, адказвалі на пытанні і актыўна задавалі іх самі. Святлана Шаламіцкая піша вершы – на мерапрыемстве яна прачытала свой першы верш “Мой край”, які напісала ў трэцім класе.  З гумарам і любоўю да дзяцей расказала Святлана Іванаўна цікавыя выпадкі са свайго школьнага жыцця, а таксама з тых часоў, калі працавала настаўніцай. Асаблівую цікавасць у дзяцей вызвалі беларускамоўныя скарагаворкі ў выканнні Святланы Іванаўны.

       Акрамя таго, што Святлана Шаламіцкая з’яўляецца актыўным носьбітам беларускай мовы (што у нас час сустракаецца не так часта), піша вершы, удзельнічае ў інтэлектульных гульнях, вандруе па свеце, яна яшчэ і калекцыянер. І калекцыя ў яе незвычайная – гэта жабы, якіх налічваецца больш за 500. Некаторыя экспанаты Святлана прынясла с сабой і расказала дзецям, з якіх краін свету іх прывязла. Прыемны сюрпрыз чакаў калекцыянерку пасля мерапрыемства – адна з дзяўчынак падаравала ёй жабу. Гадзіна роднай мовы прайшла цікава, займальна і пазнавальна.

     Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава-рэкамендацыя “Чытайце беларускае!”

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика