16 лютага 95 гадоў Івану Навуменка

Іван Якаўлевіч Навуменка (16 лютага 1925, Васілевічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць — 17 снежня 2006, Мінск) — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.

Нарадзіўся 16 лютага 1925 года у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раена Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Са студзеня 1942 удзельнік камсамольскага падполля, пасля — партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў. У снежні 1943 прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі (снеж. 1945) — карэспандэнт мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 — рэспубліканскай газеты «Звязда». Завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ (1950) і аспірантуру пры БДУ (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1953—58 гг.), загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973—82 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1982 г. — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985—90 гг.). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (з 1957).

Памёр 17 снежня 2006 года ў  Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Сямнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» 1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989), раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (раман, аповесць, апавяданні, 1980), «Летуценнік. Смутак белых начэй» (1985), «Асеннія мелодыі» (раман, апавяданні, 1987), аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В. Мамантавым, 1982), п’есы «Птушкі між маланак» (1982). Выйшаў Збор твораў у 6 т. (1981—84).

Выдаў літаратуразнаўчыя працы «З глыбінь жыцця: Крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Гуманизм и народность» (Масква, 1972), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Из глубин народной жизни» (1981), «Якуб Колас» (1982), «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988), даклады на VIII і IX Міжнародных з’ездах славістаў «Праблемы развіцця літаратуры ў эпоху сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу» (1978) і «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце славянскіх літаратур» (1983).

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за кнігу «Таполі юнацтва», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя».

[свернуть]
Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика