14 студзеня 100 гадоў Міколе Аўрамчыку

Мікола Якаўлевіч Аўрамчык (14 студзеня 1920, в. Плёсы, цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць — 8 мая 2017, Мінск) — беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык.

З сялянскай сям’і. Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года трапіў у палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1947). У 1953—1980 гадах рэдактар аддзелу паэзіі часопіса «Маладосць». Жыў ў вёсцы Ступяні.

Меў трох дачок — Святлану, Ірыну, Наталлю.

Апошнія гады цяжка хварэў. Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску.

Дэбютаваў вершамі ў 1937 у Бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990), зборніка вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 т. (1980). Аўтар кнігі «Знаёмыя постаці» (2004), прысвечанай беларускім дзеячам. Разам з Н. Гілевічам аўтар «Сказу пра Лысую гару». Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у т.л. часопісе «Дзеяслоў».

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля, Г. Эміна, І. Куратава, С. Ясеніна, Я. Смялякова, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В. Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М. Нагнібеды «Васілёк» (1961) і іншае.

У вершах адлюстраваны драматычны ваенны лёс паэта, жыццё ў фашысцкай няволі, шахцёрская праца, вучоба ва ўніверсітэце, уражанні ад паездак па краіне. Майстар сюжэтна-арганізаванага верша, канкрэтнай паэтычнай дэталі, лірычнага эцюда, замалёўкі.

Узнагароды
  • Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
  • Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».
  • Заслужаны работнік культуры БССР(1980).
[свернуть]
Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика