24 снежня 115 гадоў Алесю Дудару

Алесь Дудар, сапр.: Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч (24 снежня 1904, в. Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губерні, цяпер Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы і крыптанімы: Т. Глыбоцкі; Тодар Глыбоцкі; Ал. Д.; Т. Г.; Т.Г-кі; Арцём Яроцкі) — беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага селяніна. Пасля заканчэння (1921) сярэдняй школы (па іншых звестках — 7-годкі) Алесь Дудар уступіў у тэатральную трупу У. Галубка. У 1923г. –  адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій «Маладняка». У 1927—1928 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультета БДУ. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць універсітэт. За верш «Пасеклі наш край папалам…» быў арыштаваны ДПУ ў марце 1929года і быў высланы на тры гады ў Смаленск. Пасля заканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск.

Алесь Дудар быў членам Саюза Пісьменнікаў  БССР (з 1934). Зноў быў арыштаваны 31.10.1936 у Мінску.  Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28.10.1937 як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 21.9.1957. Асабовая справа А. Дудара № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дэбютаваў вершам у 1921 (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). У 1959 выйшлі Выбраныя творы, у 1984 — зборнік вершаў і паэм «Вежа». Разам з А. Александровічам і А. Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).

Выступаў і як крытык. Пад псеўданімам Т. Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика