У лістападзе бібліятэкі Пінскай гарадской сістэмы правялі акцыю па папулярызацыі беларускай нацыянальнай літаратуры “Маіх радкоў няма без Беларусі”. На працягу месяца для насельніцтва горада быў арганізаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў: сустрэчы з пісьменнікамі і літаратурныя вечарыны, пасяджэнні клубаў, гадзіны паэзіі і інш.
Адным з першых адбылося літаратурнае падарожжа “Чараўнік з краіны дзяцінства” ў бібліятэцы-філіяле №3. Сустрэча была прымеркавана да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Алеся Якімовіча, які сабраў і апрацаваў больш за 200 беларускіх народных казак. Разам з бібліятэкарам дзеці яшчэ раз успомнілі казачных герояў з твораў пісьменніка. Напрыканцы сустрэчы юныя чытачы паглядзелі мультфільм “Піліпка” паводле казкі Алеся Якімовіча.
Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа запрасіла сваіх наведвальнікаў на пасяджэнне гасцінай “Ліра” – “Сын свайго бацькі”, прымеркаванае да 105-годдзя з дня нараджэння сына Якуба Коласа Данііла Міцкевіча. Рабятам было цікава паслухаць пра жыццёвы шлях старэйшага сына класіка беларускай літаратуры. Данііл Канстанцінавіч нарадзіўся ў Пінску, а ў сталым узросце прыклаў шмат намаганняў, каб сабраць літаратурную спадчыну Якуба Коласа. Прысутныя таксама пазнаёміліся з матэрыяламі музейнага куточка бібліятэкі “Якуб Колас на Піншчыне”.
Таксама ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа прайшло пасяджэнне літаратурнай гасцёўні “Вышэйшы кодэкс чалавечнасці”, прымеркаванае да 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Прысутныя на сустрэчы навучэнцы ліцэя будаўнікоў з аповеду бібліятэкара даведаліся аб складаным жыцці і творчасці выдатнага пісьменніка. Электронная відэапрэзентацыя дазволіла слухачам глыбей пазнаёміцца з творамі Васіля Быкава.
У гарадской цэнтральнай бібліятэцы адбылася творчая вечарына пісьменніка Міхаіла Іванавіча Кулеша. На сустрэчу з аўтарам некалькіх паэтычных зборнікаў прыйшлі яго сябры і землякі, калегі, аматары жывога паэтычнага слова. Міхаіл Іванавіч пазнаёміў гасцей са сваімі вершаванымі творамі, падзяліўся планамі на будучыню. Са сцэны таксама прагучалі песні ў выкананні барда Віктара Мяцельскага, напісаныя на вершы Міхаіла Кулеша.
У сектары краязнаўства гарадской цэнтральнай бібліятэкі адбылася гадзіна паэзіі “З шырокай душой і вялікім сэрцам”, прысвечаная памяці пінскага паэта Анатоля Шушко. Навучэнцы гімназіі №3 пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэта, паслухалі вершы, паглядзелі фрагменты з відэафільма. Таццяна Іванаўна Пляшко, якая добра ведала паэта, рассказала хлопчыкам і дзяўчатам, якім паэтам і чалавекам быў Анатоль Іванавіч Шушко.
У бібліятэцы-філіяле №5 прайшла літаратурная гадзіна “О, край родны, край прыгожы!”. Навучэнцы малодшых класаў сярэдняй школы №16 з задавальненнем прынялі ўдзел у сустрэчы, прысвечанай творам беларускіх пісьменнікаў. Дзеці з цікавасцю паслухалі бібліятэкараў, паглядзелі электронную прэзентацыю, і самі прачыталі прыгожыя вершы аб родным краі.
У бібліятэцы-філіяле №1 адбылося пасяджэнне клуба «Олимп» па тэме “Літаратурная спадчына Піншчыны”. На сустрэчы бібліятэкары ўзгадалі дзецям аб творчасці пісьменнікаў і паэтаў сваёй малой радзімы, прачыталі ўрыўкі з іх лепшых твораў.