10 лістапада 85 гадоў Івану Курбеку

Курбека Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 10 лістапада 1934 года ў вёсцы Серабрышча Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. З сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Моўчадзкай СШ Іван Сцяпанавіч у 1953 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое паспяхова закончыў у 1958 годзе. У яго працоўнай кніжцы ёсць толькі два запісы пра яго працоўную дзейнасць: з 1958 года ён навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы і з 1964 года навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа (цяпер Дзяржаўны літаратурнамемарыяльны музей Якуба Коласа).

Літаратурную дзейнасць Іван Сцяпанавіч пачаў у 1958 годзе. Ён актыўна выступаў у перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, прапагандуючы творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. І не толькі пра іх, але і пра іх сваякоў, і бліжэйшае іх акружэнне.

Ён аўтар зборніка гумарыстычных вершаў “Абы здароўе” (1979), кнігі лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагарыфы, анаграмы) “Хітрыя літары” (1991), зборніка “Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы” (1993), альбомаў для выставак у школе “Янка Купала” (1965, 2-е выд. 1983), “Якуб Колас” (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), альбома “Якуб Колас: Жыццё і творчасць” (1974, у сааўт.). Ён укладальнік зборніка “Успаміны пра Якуба Коласа” (1982).

Творы Івана Сцяпанавіча былі змешчаны ў калектыўных зборніках “Асцюкі за каўняром” (1989), “Вожык смяецца” (1992) і інш. Ён друкаваўся ў часопісе “Вожык”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, “Вячэрнім Мінску” і іншых перыядычных літаратурных выданнях. Апошняя яго кніга выйшла ў 2008 годзе – “Запрашэнне ў музей”. Гэта, можна сказаць, была яго “лебядзіная песня”. Кніга атрымалася цікавай і змястоўнай. Гэта быў прыкметны ўнёсак Івана Сцяпанавіча ў развіццё музеязнаўства ў Рэспубліцы Беларусь.

Яго сатырычныя вершы ўражваюць дасціпнасцю, уменнем абыграць любую прыродную з’яву, нечакана пановаму перафразаваць чужое выказванне ці думку свайго суразмоўцы. Іван Сцяпанавіч лічыў, што яго сатыра і тонкі гумар перайшлі да яго ад бацькі Сцяпана.

Каля 50 гадоў Іван Сцяпанавіч працаваў на ніве музейнай справы, жывым майстэрскім словам ушаноўваў памяць народных песняроў Янку Купалу і Якуба Коласа ў самых розных аўдыторыях краіны: вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, рабочых, сялян, вучняў, воінаў Савецкай арміі Рэспублікі Беларусь.

Іван Сцяпанавіч раптоўна памёр 1красавіка 2009 года. Пахаваны на радзіме каля сваіх бацькоў і радні.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика