Тыдзень краязнаўства

З  6 па 11 кастрычніка ў сектары краязнаўства гарадской цэнтральнай бібліятэкі праходзіў Тыдзень краязнаўства “Калі хочаш ведаць край – у сектар краязнаўства завітай!”, прысвечаны Дню горада і Году малой радзімы.  На працягу Тыдня былі праведзены самыя разнастайныя мерапрыемствы для дарослых, дзяцей і моладзі. Пачаўся Тыдзень краязнаўства з пасяджэння клуба “Благавест” на тэму “Цудатворныя абразы Брэсцкай вобласці”.  Бібліятэкар расказала пра цудадзейныя абразы Піншчыны. Пратаіерэй Сергій пазнаёміў прысутных з цікавымі звесткамі пра  некаторыя іконы Брэсцкай вобласці: ікона Камянецкай Божай Маці, Лукаўская Божая Маці, Маларытская ікона Божай Маці і іншыя.

На працягу Дня інфармацыі “Любі і ведай свой родны край”  наведвальнікі сектара краязнаўства знаёміліся з кніжнымі выставамі “Пінск – і гордасць і сэрца Палесся” і “Самыя папулярныя кнігі сектара краязнаўства”.  На сустрэчу са старэйшымі школьнікамі сярэдняй школы №18 была запрошана Ірына Дзмітрыеўна Чараўко, былая загадчыца чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі імя Я. Коласа, а зараз экскурсавод і проста чалавек, улюбёны ў свой горад. Ірына Дзмітрыеўна расказала шмат цікавага з гісторыі нашага горада. Пашчасціла сустрэцца з ёй і шасцікласнікам сярэдняй школы №3 падчас правядзення гадзіны краязнаўства “Турыстычнымі маршрутамі Піншчыны”. Ірына Дзмітрыеўна цікава і пазнавальна расказала пра турыстычны маршрут “Палескі вянок”,  аўтарам якога з’яўляецца Таццяна Аркадз’еўна Хвагіна. Гэты маршрут  уключае  не толькі Пінскі, але і Іванаўскі раён. Бібліятэкар распавяла школьнікам пра гісторыка-краязнаўчы музей вёскі Вялікія Дворцы, а таксама пра падвор’е  мастака, скульптара і паэта Сяргея Жылевіча ў вёсцы Баяры. Цікавай і пазнавальнай была і гутарка-дыялог “Старонкі гісторыі” з удзелам краязнаўца, карэспандэнта газеты “Пінскі веснік” Вячаслава Ільянкова.  Вячаслаў Леанідавіч  з дапамогай электроннай прэзентацыі  пазнаёміў  студэнтаў Палескага ўніверсітэта з гісторыяй будаўніцтва галоўнага пінскага маста, а таксама расказаў пра некаторыя масты, якія размешчаны каля Пінска. Навучэнцы гімназіі №2 наведалі краязнаўчы ўрок “Есць горад Пінск”, падчас якога паглядзелі фільм пра наш горад і электронную прэзентацыю “Стары горад”, пазнаёміліся з кнігамі і фотаальбомамі. Прыемна і цікава, што некаторыя хлопчыкі знайшлі сябе на фотаздымках у фотаальбоме Паўла Куніцкага “Пинск. Древний и молодой…”. Педагог-псіхолаг Анна Анатольеўна Свірыдэнка  дапоўніла мерапрыемства тым, што ў кнізе “Учёные Пинщины” знайшла  сваякоў класснага кіраўніка дзяцей і нават аднаго з вучняў.

Усе  ўдзельнікі сустрэч Тыдня краязнаўства змаглі таксама наведаць і выставу мастака Віктара Сагановіча “Все краски Франции”, якая размяшчаецца ў арт-галерэі бібліятэкі.

Будзем спадзявацца, што ўсе, хто прыняў удзел у мерапрыемствах Тыдня краязнаўства, даведаўся шмат цікавага і пазнавальнага пра сваю малую радзіму.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика