14 кастрычніка 120 гадоў Адаму Бабарэке

Адам Антонавіч Бабарэка 14 кастрычніка 1899, в. Слабада-Кучынка Слуцкага павета, цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці — 10 кастрычніка 1938, Северлаг) — беларускі празаік і літаратуразнавец.

Вучыўся ў Слуцкай школе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), настаўнічаў на Случчыне. У час польскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе і партызанскага руху, быў арыштаваны польскімі ўладамі (1920). Пасля вызвалення зноў працаваў настаўнікам, быў членам рэўкома Пукаўскай воласці Ігуменскага павета і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921—1922). У 1922—1927 вучыўся на этнолага-лінгвістычным аддзяленні БДУ і працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь».

Быў удзельнікам камуністычнага падполля падчас польскай ваеннай інтэрвенцыі.

А. Бабарэка стаў адным з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» (1923), пасля і «Узвышша» (1926) — сакратар аб’яднання. У 1926—1929 працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 — асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 у Мінску па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (Гл. таксама: рэпрэсіі ў БССР, 1929-1931). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 10 кастрычніка 1931 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ссылкі, год прабыў у мінскай турме, ссылку адбываў у г. п. Слабадское Кіраўскай вобласці, з канца 1934 у Кіраве (Вятка), працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ у пачатку 1930-х. Паводле пастановы «тройкі» па Кіраўскай вобласці ад 15 лютага 1938 атрымаў 10 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост Комі АССР у Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўна­га суда БССР 15.11.1957, па другой — 4.7.1959 Кіраўскім абласным судом. Групавая справа А. Бабарэкі і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў ар­хіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей, дачка Алеся жыве ў Маскве.

Дэбютаваў у 1919 вершамі і апавяданнямі ў рэспубліканскім друку. У 1925 выдаў кнігу «Апавяданні» (Мінск). Распрацоўваў метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, прынцыпы класавай, народнасці, сацыяльнай і эстэтычнай каштоўнасці літаратуры, даследаваў гісторыю беларускай літаратуры (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядуліі іншых беларускіх пісьменнікаў.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика