19 ліпеня 150 гадоў Лявону Дубейкаўскаму

Лявон Іванавіч Дубейкаўскі або Ві́тан-Дубе́йкаўскі 7(19) ліпеня 1869, в. Дубейкава Мсціслаўскага пав. — 6 лістапада 1940, Вільня) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар.

Нарадзіўся 7(19) ліпеня 1869 года ў засценку Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні ў сям’і дробнага шляхціча Яна Дубейкаўскага і Агапы, з роду Дзеружынскіх. Старажытны шляхецкі род Дубейкаўскіх браў свой пачатак прыкладна з XIV ст., з часоў існавання Імсціслаўскага ўдзельнага княства. Некалі заможны род падчас падзелаў Рэчы Паспалітай збяднеў ды заняпаў.  Ахрышчаны ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мсціславе.

Пасталеўшы, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. На пачатку 1890-х гг. ён напісаў байку «Пацягне воўк — пацягнуць і воўка» ды верш «Бура».

Скончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча. У 17 гадоў, насуперак волі бацькоў, што прапаноўвалі яму ісці ў пісары, Лявон Дубейкаўскі выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка ў школу будаўнічых рамёстваў. Каб зарабляць грошы на навучанне ды пражыццё, вечарамі падпрацоўваў на будоўлі.

Праз два гады, маючы ўжо дыплом прафесійнага будаўніка, вярнуўся на радзіму. З пачатку 1890-х гг. Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, у мястэчках Свіслач Асіповіцкага павета і Смальяны Аршанскага павета. Падчас рэканструкцыі Смальянскага касцёла яму пашчасціла працаваць разам з вядомым архітэктарам Л. Даўкшам(руск.) бел., знаёмства з якім шмат у чым вызначыла далейшы прафесійны выбар Дубейкаўскага.

У 1894 годзе выйграў па абноўленым гандлі падрад на будаўніцтва новага каменнага касцёла ў Смаленску. З 1896 па 1898 кіраваў вялікай брыгадай будаўнікоў, якая выконвала асноўныя працы па ўзвядзенні храма. У 1897 г. з мэтаю лепшай арганізацыі ўласнай будаўнічай справы ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л.Дубейкаўскі і Ко», якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, цэментавыя і рэстаўрацыйныя працы, а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў.

Праз нейкі час выехаў на вучобу ў Пецярбург, дзе праз год, у 1903 годзе, экстэрнам здаў іспыты на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў. Разам з будаўніцтвам цывільных будынкаў Дубейкаўскі ўзводзіць па просьбе мясцовых праваслаўных святароў цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне Смаленскай губерні, якія былі скончаны ў 1903 годзе. У 1904 г. пабудаваў у Вязьме каменны дом казначэйства, у Смаленску — будынак гарадской пошты (не захаваўся).

У час расійска-японскай вайны і рэвалюцыйных падзеяў 1905—1906 гг., калі будаўнічае прадпрымальніцтва ў Расійскай імперыі перажывала заняпад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі вырашыў ліквідаваць сваю справу, прадаў уласны завод, паклаў грошы ў банк і выехаў у Парыж, дзе ў 1907—1909 гадах вучыўся ў архітэктурную школу(фр.) бел., пасля заканчэння атрымаў у 1910 годзе званне архітэктара-мастака.

Лявон Дубейкаўскі (сядзіць справа) з сябрам падчас адпачынку ад паездкі на ровары. 1914 г.

Дубейкаўскі ўладкаваўся на працу ў Варшаве, у прыватнае архітэктурна-будаўнічае бюро Лільпопа і Янкоўскага. Набраўшыся за 3 гады прафесійнага вопыта ды склаўшы патрэбны капітал, Лявон стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Адначасова ён выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы інжынера Пятроўскага. Па ягопраекце была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў, шэраг даходных дамоў у Варшаве. Уваходзіў у склад Кола архітэктараў у Варшаве (Koła architektów w Warszawie). Этапнай для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля па вул. Флора, 7 у Варшаве, які ён выканаў у стыле еўрапейскага мадэрну. Для будаўніцтва архітэктурнага комплексу ў пачатку 1914 г. былі праведзены падрыхтоўчыя работы, але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны далейшая праца была спынена.

Стала выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, ліставаўся з рэдакцыямі газеты «Наша Ніва» і каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus». Некалькі разоў наведваў Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з лідарамі беларускага нацыянальнага руху: ратамі Іванам і Лявонам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзімірам Сталыгвам, кс. Францішкам Будзькам ды інш., дапамагаў матэрыяльна выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Праект беларускага нацыянальнага сцяга, выкананага Дубейкаўскім у Петраградзе ўзімку 1916 г. на адвароце анкеты ўцекача з вёскі Трабавічы Наваградскага павета Івана Тумаша

Увосень 1916 г. Дубейкаўскі прыехаў у Пецярбург, дзе атрымаў нечаканую прапанову ад кс. Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла ў Янатрудзе. Дзякуючы хадайніцтву біскупа Эдварда Ропа Францішак Будзька дамогся зацвярджэння праекту ад афіцыйных расійскіх уладаў, але лютаўская рэвалюцыя 1917 г. парушыла планы святара.

Перыяд з 1917 года Дубейкаўскі цалкам аддаў беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь ён пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, знайшоўшы прытулак у фальварку Міхаўцы пад Радашковічамі, у сядзібе беларускага літаратара і палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава. У 1917 член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску.

З 1 чэрвеня 1918 г. пастановай Народнага Сакратарыята Беларусі Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам БНР. Ён пачаў распрацоўваць узоры дзяржаўных нацыянальных узнагародаў (эскізы гэтых узораў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па заданні ўрада БНР летам таго ж года архітэктар завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе. Атрымаўшы ўрадавую грашовую субсідыю, Дубейкаўскі сам паехаў туды і ўзначаліў будаўніцтва. Але польская акупацыя не дазволіла яму завяршыць распачатае справы. Па загадзе новай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была ліквідавана як «прытулак бальшавізму».

Каб паспрыяць паразуменню польскай і беларускай інтэлігенцыі, ён выступіў адным з ініцыятараў стварэння восенн г. Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Ежы Чапскі, Эдвард Вайніловіч ды інш. вядомыя асобы. Цвёрда трымаючыся ідэі незалежнасці Беларусі, Дубейкаўскі смела выступаў у беларускім друку супраць польскага шавінізму. Уступіў ў шэрагі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Ведаючы добрыя сувязі Дубейкаўскага ў Варшаве, старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч зацвердзіў яго 15 чэрвеня 1919 на пасаду консула беларускага ўрада ў Польшчы. На той час Дубейкаўскі займаў пасаду архітэктара ў г. Янаве Люблінскага ваяводства, але пакінуў прыбытковае месца і выехаў у польскую сталіцу бараніць інтарэсы Беларусі. У кастрычніку 1919 г. ён ініцыяваў стварэнне Беларускага камітэта у Варшаве, выконваў абавязкі яго старшыні.

Член масонскай ложы (Вільня). Пасля эміграцыі Рады БНР працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Варшаве 1919—1922. 3 1922 жыў у Вільні, ажаніўся з Юліянай Менке. Быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячом Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Удзельнічаў у выданні газеты «Беларускі фронт». За беларускую дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі.

Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, між іншым праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах. Будаваў кляштар пад Варшаваю і мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi. У другой палове 1930-х гадоў з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Аўтар праекта «дома Вадэйкаў» у Галавічполі (пач. 1930-х).

Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

 

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика