19 ліпеня 65 гадоў Анатолю Шушко

Анатоль Іванавіч Шушко (19 ліпеня 1954 – 8 лістапада 2018). Нарадзіўся 19 ліпеня 1954 года ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Сваімі першымі настаўнікамі лічыў маці Ганну Рыгораўну (Сякерыч), настаўніцу гісторыі і геаграфіі, і бацьку Івана Канстанцінавіча Шушко, а цікавасць да літаратуры прывіў выкладчык славеснасці ў школе Мікола Купрэеў (1937–2004), цяпер вядомы пісьменнік. З дзяцінства сябраваў з Міколай Антаноўскім, земляком і паэтам.

У 1971 годзе Анатоль Шушко паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ў 1976-м настаўнічаў на Піншчыне і на гродзенскай Свіслаччыне. Працаваў рабочым і будаўніком, выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, вартаўніком, карэспандэнтам раённых газет.

Першы верш Анатоля Шушко быў апублікаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Яшчэ школьнікам друкаваўся ў часопісе «Бярозка», газеце «Чырвоная змена». Пачаткам жа сапраўднага паэтычнага мастацтва сам Анатоль Іванавіч лічыў публікацыю падборкі вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Першыя, яшчэ са школьнай лаўкі, вершы пачынаючага паэта заўважыў і падтрымаў беларускі крытык Варлен Бечык: «Якой важнай і цікавай творчай заяўкай здаваліся вершы гэтага юнака! Былі ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і разважлівая дапытлівасць, і назіральнасць, і псіхалагічная чуйнасць. Праглядваліся даволі выразныя рысы асаблівасці, уласнага светаадчування».

Вершы Анатоля Шушко друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», «Беларуская думка», калектыўных паэтычных зборніках «На ладонях Припяти и Пины», «Маладыя галасы» (1985), «Галасы вёснаў» (1997), альманахах «Дзень паэзіі» (1991, 2005), «Люблю будзённы дзень» і ў расійскім альманаху «Москва» (у перакладзе В. Грышкаўца), а таксама ў цэнтральнай і мясцовай перыёдыцы.

У 1994 годзе ў серыі “Бібліятэчка часопіса «Маладосць»” пабачыла свет кніга А. Шушко з глыбокай філасофскай назвай «Выток і прычасце».

Анатоль Шушко – член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1997 года. У 2006 годзе выйшаў з СБП i ўступiў у Саюз пiсьменнiкаў Беларусi.

У 2012 годзе выйшаў другі зборнік вершаў паэта «Шаны», за які ён атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі». Кнігай “Шаны” Анатоль Шушко паставіў сябе ў адзін шэраг з лепшымі паэтамі Брэстчыны ­– Міколай Засімам, Міхасём Рудкоўскім, Міколай Купрэевым, Нінай Мацяш…

Анатоль Іванавіч Шушко памёр 8 лістапада 2018 г.

У 2019-годзе намаганнямі жонкі паэта выйшаў новы зборнік Анатоля Шушко “Сэрцу соладка, ясна, трывожна”.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика