95 гадоў часопісу «Народная асвета»

Народная асвета (руск.: Народное просвещение) — штомесячны навукова-педагагічны часопіс. Выдаецца з чэрвеня 1924 года ў Мінску на беларускай і рускай мовах.

У студзені 1960 года часопіс «Савецкая школа» быў перайменаваны ў часопіс «Народная асвета».

У 1960—1980-я гады «Народная асвета» як адзінае навукова-педагагічнае выданне Рэспублікі Беларусь асвятляла не толькі пытанні функцыяніравання і развіцця сістэмы ўсёй адукацыі — ад дашкольнай установы да ВНУ, але і актуальныя для таго часу падзеі грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі.

Шматлікія артыкулы на старонках «Народнай асветы» 80—90-х гадоў прысвечаны праблемам выхавання падрастаючага пакалення, падрыхтоўцы яго да жыцця і працы, фарміравання камуністычнага светапогляду. У гэтыя гады больш увагі ўдзяляецца такім пытанням, як работа органаў кіравання адукацыяй, вучнёўскіх і бацькоўскіх камітэтаў, педагагічная адукацыя бацькоў і кадравая палітыка ў школе, навуковая арганізацыя працы ВНУ.

Неабходнасць рэфармавання сістэмы адукацыі ў канцы мінулага ХХ і пачатку новага ХХI стагоддзя абумовілі з’яўленне новых рубрык і тэм у часопісе, сярод якіх камп’ютарная пісьменнасць, правы чалавека, эканамічная асвета, навуковыя таварыствы вучняў і настаўнікаў, установы новага тыпу як сацыяльны заказ грамадства і дзяржавы, нацыянальная школа і прынцыпы яе функцыяніравання, правы дзяцей, радыяцыйная бяспека і экалагічнае выхаванне, тэхналагізацыя працэсу навучання.

Сёння часопіс удасканальваецца па форме і зместу, ператвараецца ў школу дыстанцыйнага навучання для настаўніка, метадыста, адміністратара з выкарыстаннем эфектыўных інавацыйных тэхналогій і методык; трансфармуецца з традыцыйнага навукова-педагагічнага выдання ў інтэрактыўны падручнік для сучаснага педагога і становіцца аб’ектыўнай структурнай часткай сістэмы паслядыпломнай адукацыі рэспублікі.

Часопіс «Народная асвета» крочыць у нагу з часам, а сучасны настрой і актуальнасць яму надаюць, безумоўна, цікавыя людзі — вучоныя, практыкі, арганізатары адукацыі. Часопіс «Народная асвета» ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР (1975) і ордэнам СССР «Знак Пашаны» (1975)

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика